Спэцназ у Тбілісі ня змог разагнаць мітынгоўцаў, акцыя пратэсту працягваецца. ФОТА

Спэцназу так і не ўдалося цалкам разагнаць мітынгоўцаў у цэнтры Тбілісі, паведамляе агенцтва «Навіны-Грузія».



Як піша праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», пасля некалькіх сэрый атак з вадамётамі і слёзацечным газам, якія ажыцьцявіла паліцыя, удзельнікі акцыі пратэсту адступілі з праспэкта Руставелі і цяпер знаходзяцца на праспэкце Чаўчавадзэ, каля будынку Тбіліскага ўнівэрсытэта — на тым самым месцы, дзе некалькі дзён таму было разагнанае намётавае мястэчка пратэстоўцаў.




1 сьнежня ўначы паліцыя масава ня біла пратэстоўцаў, адзначае тэлеграм-канал «Джавахадзе!»:



«Пасьля ўчорашніх кадраў, калі паліцыянт нагой б’е па галаве пратэстоўца, па ўсёй бачнасьці паліцыі быў аддадзены загад: дзейнічаць у рамках закону... Сёньня двое пратэстоўцаў з грузінскімі сцягамі дэманстратыўна пайшлі на ланцуг паліцыянтаў. І толькі паліцыянты падляцелі да іх, пачуўся загад: адпусціць! Вакол было 20 камэр, і чарговы скандал быў не патрэбны начальству».




У Тбілісі працягваюцца трэція суткі пратэсту пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі аб’явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ.




Толькі ў папярэднія дзве ночы паліцыя затрымала каля 150 чалавек. Падчас затрыманняў паліцыянты прымянялі гвалт да ўдзельнікаў акцыі. Сярод пацярпелых і затрыманых былі таксама журналісты.


Інфармацыя аб затрыманых у ноч з 30 лістапада на 1 снежня яшчэ не апублікаваная МУС.




Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў, у выніку дзеянняў удзельнікаў акцыі пацярпелі 42 іх супрацоўнікі. Удзельнікі акцыі выкарыстоўваюць супраць паліцыянтаў піратэхніку.


Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да абраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначаныя на 14 сьнежня.


Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі на брыфінгу 30 лістапада заявіла, што яе паўнамоцтвы скончацца толькі пасьля правядзеньня новых парлямэнціх выбараў у Грузіі, якія будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам і на якіх будуць прысутнічаць міжнародныя назіральнікі. Да таго часу, заявіла Зурабішвілі, яна застанецца на пасадзе і працягне барацьбу.







Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.

Читайте на 123ru.net