Мінск знізіў міграцыйны ціск. Ці надоўга?
Пасля ўвядзення чарговага пакета санкцый ЕС супраць Беларусі Польшча ўзмацніла жорсткасць праверкі на аўтамабільных пунктах пропуску — у тым ліку абмежавала вываз шэрагу тавараў у суседнюю краіну. Варшава рыхтавацца да блакады чыгуначных зносін, нягледзячы на некаторае зніжэнне міграцыйнага ціску. Пры гэтым рэжым Лукашэнкі ігнаруе рэальныя праблемы і робіць выгляд, што змагаецца з нелегальнай міграцыяй, заклікаючы Захад да дыялогу.
Пасля ўльтыматума, агучанага Польшчай, рэжым Лукашэнкі знізіў узровень міграцыйнага ціску на мяжу. За пару дзён, якія прайшлі пасля прад’яўлення Варшавай пагрозы поўнасцю заблакаваць чыгуначныя грузавыя зносіны, было зарэгістравана каля 60 спроб парушэння мяжы. У сярэднім штодня фіксавалася каля 20 злачынстваў такога кшталту. Частка мігрантаў працягвала паводзіць сябе агрэсіўна: у польскія патрулі ляцелі камяні. Тым не менш, Варшава прызнала: колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы скарацілася на 65%. Але МУС Польшчы звязвае гэтае скарачэнне, хутчэй, са стварэннем забароненай для наведвання зоны ля мяжы з Беларуссю.
Зрэшты, пасля двух тыдняў зацішша нелегальныя мігранты зноў з'явіліся на беларуска-літоўскай мяжы. 10 ліпеня памежнікі спынілі 15 спробаў незаконнага перасячэння межаў з беларускага боку. Польскую мяжу ў гэты ж дзень спрабавалі перайсці больш за 40 чалавек.
Варшава працягвае настойваць, што зробіць усё магчымае для развязання праблемы. Па словах намесніка міністра абароны Цэзары Томчык, Польшча не мае намеру трываць працяг міграцыйнага крызісу. Каб знізіць ціск, Польшча ўзмацняе загароды і ахову мяжы. Акрамя таго, Мінску пасланы выразны сігнал, што сітуацыя “не можа доўжыцца вечна”: Варшава гатова да любых рашэнняў, уключаючы блакаду грузавых зносін.
Так, услед за 33-гадзінным рэжымам надгляду грузаў, якія рухаюцца праз чыгуначны пункт пропуску “Малашэвічы”, аналагічныя часовыя меры былі прыняты ў дачыненні да грузавога транспарту ў пункце пропуску “Казловічы”. Гэта прывяло да практычна поўнага спынення руху. Справа ў тым, што новым санкцыйным пакетам прадугледжана і забарона на ўвоз у ЕС прычэпаў і паўпрычэпаў з беларускай рэгістрацыяй – у тым ліку, калі іх перамяшчае цягач з еўрапейскай рэгістрацыяй. Таксама ў пакеце ёсць абмежаванні на перавозкі для юрыдычных асоб ЕС, якія на 25% або больш належаць беларускай фізічнай або юрыдычнай асобе.
Польшча таксама абмежавала ўезд легкавых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй. Праз мяжу прапускаюць машыны толькі ў выпадку прысутнасці ўладальніка. Гэта таксама зьвязана з новымі санкцыямі.
Раней, рэалізуючы санкцыі ЕС, уведзеныя рэгламентам 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года, польская мытня ўжо забараніла вываз шэрагу тавараў у Беларусь. Апроч прамысловага абсталявання, прадметаў раскошы і сыравіны можна знайсці ў тым ліку тавары, запатрабаваныя ў простых людзей: смартфоны, сродкі аўдыё і відэазапісы, запчасткі, маніторы, праектары і інш.
Намеснік міністра абароны Польшчы выказаў упэўненасць: Пекін акажа ціск на рэжым Лукашэнкі, бо Кітай не хоча праблем на мяжы і мае намер “нейкім чынам дасягаць Еўропы”.
У апошнія тыдні міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі не раз выказваўся на карысць закрыцця мяжы, адзначаючы, што гэта павінна закрануць рух грузаў. Па дадзеных польскага выдання Rzeczpospolitа, 71,8% палякаў згодны з неабходнасцю заблакаваць чыгуначныя пераходы, супраць выказаліся толькі 13,2%.
Пры гэтым пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ працягвае катэгарычна абвяргаць абвінавачанні ў інструменталізацыі міграцыі. Беларускі бок падкрэсліў, што суседнія краіны нібыта “ў аднабаковым парадку” спынілі супрацоўніцтва па пагранічных пытаннях. Па версіі Мінска, рост нелегальнай міграцыі ў 2021 годзе адбыўся з-за аслаблення антыкавідных абмежаванняў. Але затым Беларусь прыняла меры і скараціла паток нелегальных мігрантаў да ўзроўню ніжэйшага, чым быў да 2020 года. Акрамя таго, беларускі бок заклікаў пачаць “нармальны дыялог” па міграцыі. Прапановы пра гэта нібыта былі адпраўленыя Польшчы, Літве і Латвіі, але засталіся без адказу.
Такім чынам, беларускі рэжым працягвае рабіць выгляд, што не разумее прэтэнзіі з боку краін Балтыі і Польшчы. Гэта сведчыць аб нежаданні Мінска згортваць гібрыдны міграцыйны ціск на краіны ЕС, які наўпрост каардынуецца беларускім і расійскім спецслужбамі.