Деревня Курополье — проект «ПК» «Вёсачка»

       Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Курополье

Гісторыя:

Вёска вядомая з канца ХVIII стагоддзя ў складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ як вёска Кураполь у маёнтку Паставы ва ўладанні Тызенгаўза.

У сярэдзіне XIX стагоддзя з’яўлялася адным з галоўных паселішчаў Пастаўшчыны: тут пражывала 430 чалавек.

У 1870-я гады з’яўлялася цэнтрам Курапольскага сельскага таварыства.

Дзейнічала народнае вучылішча, у якім у 1900/1901 годзе навучаліся 74 хлопчыкі і 36 дзяўчынак.

З красавіка 1919 года да ліпеня 1920-га акупіравана польскімі войскамі. З 1921-га — у складзе буржуазнай Польшчы згодна з Рыжскім дагаворам. З лістапада 1939 года зноў у БССР.

У 1940 годзе быў створаны калгас імя Сталіна.

На франтах Другой сусветнай вайны загінулі 28 вяскоўцаў, падчас карных экспедыцый акупантамі расстраляна 11 жыхароў.

У вёсцы размяшчаўся цэнтр праўлення калгаса «Прагрэс», у далейшым — СВК «Курапольскі», ААТ «Кураполле-агра».

Сёння ў Кураполлі працуюць сельскі Савет, базавая школа, дзіцячы садок, Дом культуры, бібліятэка, ФАП, аддзяленне паштовай сувязі.

І навукоўцаў зацікавіла

Засумавалі па «Вёсачцы»? Я — таксама. Але перш чым пазнаёміць вас з чарговай — Кураполлем, — падзялюся прыемнай навіной. «Вёсачку» заўважылі і ўхвалілі нават навукоўцы. Прывяду толькі дзве вытрымкі з ліста ў рэдакцыю кандыдата гістарычных навук дацэнта Алены Шымак, якая выкладае ў Белдзяржуніверсітэце. Яе ўвага да «Пастаўскага краю» ў цэлым і асабліва да рэдакцыйнага праекта абумоўлена тым, што Алена Шымак (у дзявоцтве — Пракоп) — ураджэнка в. Ёдаўцы нашага раёна.

— У газеце прадстаўлены сапраўдныя жывыя вясковыя галасы, — піша яна. — Кожны з іх гучыць выразна і разгорнута. Кожны з галасоў непаўторны, кожны глядзіцца як асобны беларускі малюнак. А слухаць іх — адно замілаванне.

Алена Казіміраўна пералічвае назвы ўсіх вёсак, у якія завітаў праект, і кажа: «За кожнай — свая гісторыя, свой лёс, сваё асаблівае вымярэнне сэрца. Можна шмат часу прысвяціць гістарычным даследаванням, архіўным пошукам, падрыхтаваць грунтоўныя манаграфіі — гэта ўсё вялікая і патрэбная праца. Менш заўважная сфера — гісторыя малой радзімы, гісторыя вясковага жыцця, гісторыя штодзённасці . Але менавіта яна кранае сэрца!»

Такая ацэнка натхняе! Працягваем пісаць гісторыю нашых вёсачак.

Ехала толькі пагасціць…

Валя скончыла Рыжскі кааператыўны тэхнікум і засталася працаваць у Латвіі. У Кураполле яе паклікала ў госці стрыечная сястра Ала Гіль. Аднойчы прыехала, але нават падумаць не магла, што тая паездка стане вызначальнай у яе лёсе.

— Адначасова са мной у Алы гасцявалі яшчэ дзве дзяўчыны з Масквы, — успамінала Валянціна Сівая далёкі 1986 год.  — Зразумела, мясцовыя хлопцы захацелі пазнаёміцца. Прыйшлі і сталі клікаць на танцы. Я ўпарцілася: «Не пайду! Лепш канцэрт па тэлевізары пагляджу». Аднак угаварылі. Так і пазнаёмілася з Юрам.

 

Згуляўшы вяселле, жыць сталі ў Латвіі. Але ў 1991-м распаўся СССР, і многае змянілася. Стала зразумела, што яны чужынцы ў гэтай краіне. Вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Юрава маці (ён у яе адзіны сын) клікала ў Кураполле. Вось і вярнуліся. Атрымалі калгасны дом, па-гаспадарску абуладкавалі яго. Юрый працаваў механізатарам, зараз на пенсіі. Валянціна — бухгалтар ААТ «Кураполле-агра». Выхавалі дваіх дзяцей. Дачка Юліяна — фармацэўт, жыве ў Маладзечне. Сын Яўгеній скончыў ваенную акадэмію, у званні капітана служыць у арміі.

Сівыя трымаюць нямала жыўнасці, таму Юрыю сумаваць на пенсіі не прыходзіцца — хапае спраў на падвор‘і.

Каб не закарчавець

Валянціне Купрыянавай 76-ы год, але яна да гэтага часу працуе. Кажа: «Трэба рухацца, каб не закарчавець». Толькі змяніла сферу дзейнасці. Раней была даяркай, з 50 гадоў магла знаходзіцца на льготнай пенсіі. Ды як усядзець дома, калі і сілы яшчэ былі, і жаданне быць карыснай. Адной дома сумна. Абедзве дачкі хоць і блізка (адна ў вёсцы, другая — у Паставах), у іх свае сем’і і клопаты.

 

Жанчына ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў дзіцячы садок і тэхнічкай у школу. Прывыкла да дзяцей, любіць іх, ахвотна спяшаецца на работу, тым больш што жыве недалёка ад яе.

 Не ўсе мяне разумеюць, — гаварыла жанчына. — Некаторыя ці то жартам, ці то сур’ёзна папікаюць: «Калі б не такія, як ты, дык і ўзрост выхаду на пенсію не павысілі б».

Пазнае Беларусь

З Людвігам Лапіным я сустрэлася каля мясцовай школы. У ёй ён, біёлаг, адпрацаваў чатыры дзесяцігоддзі, таму, безумоўна і сёння, знаходзячыся на пенсіі, цікавіцца справамі педагагічнага і вучнёўскага калектываў. А яго жонка Наталія Чаславаўна працягвае працаваць у Курапольскай БШ.

Людвіг Людвігавіч успамінаў ранейшы час, калі вельмі актыўна настаўнікаў і вучняў прыцягвалі ў калгас на ўборку бульбы, льну, буракоў (буракі яны яшчэ і вырошчвалі). Такім чынам першая вучэбная чвэрць ператваралася ў працоўную. Зараз нікога працай не нагружаюць.

Пра сябе былы настаўнік гаварыў, што займаецца агародніцтвам, садаводствам, ходзіць у грыбы і ягады ў лес. А яшчэ працягвае пазнаваць Беларусь.

— Сёлета тройчы пабываў на Ельні ў Міёрскім раёне, — расказваў. — Як жа прыгожа ў чэрвені там цвілі журавіны! Усё балота было ружовае. Шмат цікавага ў дэндрапарку і Аптэчным садзе на Мядзельшчыне. Спадабалася возера «Божае вока» і звярынец у Нацыянальным парку «Нарачанскі». Ад усіх вандровак (у некаторыя ездзілі з дачкой на веласіпедах) засталіся найлепшыя ўражанні. Прыгожая наша краіна!

На варце здароўя

Курапольцам могуць пазайздросціць многія, тут нядрэнная сацыяльная сфера. Адзін з яе аб’ектаў — ФАП, у якім ёсць усё неабходнае для аказання першай медыцынскай дапамогі. Сёлета ён папоўніўся новым абсталяваннем — апаратам ЭКГ і апаратам для змярэння ўнутрывочнага ціску.

На працягу 20 гадоў ФАПам загадвае Алена Зарэмба. У зоне абслугоўвання — 307 чалавек, з іх 55 — ва ўзросце да 18 гадоў.

 

— У нас шмат мнагадзетных сем’яў, толькі ў гэтым годзе нарадзілася 6 дзетак, — расказвала Алена Славаміраўна. — Аднак непакоіць тое, што ў асобных сем’ях дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На іх звяртаю асаблівую ўвагу.

Клопатаў у фельчара хапае: амбулаторны прыём, назначэнне лячэння і водпуск лякарстваў, накіраванне хворых у бальніцу, выезды да іх дадому, правядзенне дыспансерызацыі і многае іншае. Усё накіравана на захаванне здароўя вяскоўцаў.

За мужам!

Самая прасторная і дагле­джаная сядзіба ў Кураполлі ў Пятра і Марыі Хаткевічаў. Захапляюся і здзіўляюся: колькі ж трэба праца­ваць, каб усё выглядала так ідэальна? Марыя Віктараўна кажа: «Гэта ўсё Пётр. Гаспадар! Я не проста замужам, а за мужам». Але ж паўсюль — у кветніках, градках, парніку — бачная і рука рупнай гаспадыні.

Жыць у вёсцы яны не збіраліся. Пётр служыў прапаршчыкам не толькі ў Паставах, але і на Сахаліне, два тэрміны ў Германіі. Пасля вываду адтуль савецкіх войск сям’я ўладкавалася ў Мар’інай Горцы. Аднак цяжка захварэла маці Пятра, якая жыла ў Кураполлі, таму купілі тут дом і пераехалі, каб дагледзець яе. Пасля да апошніх дзён дагледзелі маці Марыі. Калі не стала мам, забралі да сябе бацькоў. Адзін пражыў з імі 20 гадоў, другі — 10. Абодва памерлі, перасягнуўшы 90-гадовы рубеж.

 

Марыя 26 гадоў загадвала курапольскім дзіцячым садам. Пётр працаваў у калгасе энергетыкам, потым некалькі гадоў займаўся фермерствам. У мінулым месяцы яны адзначылі залатое вяселле. Прыехалі сын з нявесткай з Мінска, дачка з зяцем з Вільнюса, чацвёра ўнукаў. Было па-сямейнаму цёпла і кранальна.

З ураджаем

Вольга Мяцеліца толькі два гады назад пакінула работу на ферме. Яна была і даяркай, і цялятніцай. Усюды дабівалася добрых паказчыкаў, бо цалкам аддавала сябе справе. Муж Мікалай пасвіў калгасны статак. Зараз на ІІ групе інваліднасці. Таму найбольш цяжкую работу на ўласным падвор’і бярэ на сябе Вольга Іосіфаўна. Акрамя таго, яна актыўна ўдзель­нічае ў добраўпарадкаванні могілак, вуліцы, тэрыторыі ля крыжа, устаноўленага на скрыжаванні дарог.

 

Калі мы прыехалі да Мяцеліцаў, у двары стаяла тачка, напоўненая агароднінай і садавінай.

— Хоць год быў і неспрыяльны, мы вырасцілі нядрэнны ўраджай, — гаварыла гаспадыня і гатовая была падзяліцца ім з намі.

Такі яна шчыры, адкрыты, гасцінны чалавек.

Падрастае 5 надзей

Марыя і Анатолій Чарвінскія ў Кураполлі жывуць усяго чатыры гады. Яны пераехалі сюды з Браслаўшчыны, атрымалі ад гаспадаркі дом. Ён працуе механізатарам, яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

У сям’і пяцёра дзяцей. Старэйшая, Іра, вучыцца ў відзаўскім каледжы на повара і афіцыянта, меншыя — пры бацьках: Аліса і Даша ходзяць адпаведна ў 1 і 2 клас, Мілана — у садок, Ільі ўсяго два гады.

 

Марыя і Анатолій выраслі ў мнагадзетных сем’ях, таму клопаты пра пяцярых дзяцей іх не палохаюць, працы яны не баяцца. Дапамагаць Марыі час ад часу прыязджае з Браслаўшчыны яе маці. Многае значыць і дзяржаўная падтрымка.

З кабінета – на камбайн

Пасада Уладзіміра Гіля — намеснік дырэктара ААТ «Кураполле-агра» па вы­творчых пытаннях. Але я ўбачыла яго не ў службовым кабінеце, а за штурвалам камбайна.

— Бачыце, хто абмалочвае збожжа на нашых прысядзібных участках? — гаварыў мне старэйшына вёскі. — Намеснік дырэктара!

А самому Уладзіміру Барысавічу было не да размоў: стаяла сонечнае надвор’е, і ён даражыў кожнай хвілінай. Затое прыемна было сустрэць яго праз некалькі тыдняў, калі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч прапанаваў сфатаграфаць момант уручэння прэміі найлепшым камбайнерам. У іх ліку быў і Уладзімір Гіль, які разам с сынам намалаціў больш за 1 000 тон збожжа. У гэтыя дні Уладзімір Барысавіч убірае на камбайне насеннікі канюшыны. Такім чынам паказвае, што ўмее не толькі кіраваць, але і працаваць на тэхніцы ў полі.

 

І ў 78 косім

Размаўляць з Алай Дзяменць­еўнай Мілянцей — адно задавальненне: яна так і сыпле жартамі, рыфмамі, прымаўкамі!

— А прадэкламуйце, калі ласка, свой верш пра Кураполле! — просіць жанчыну старшыня сельскага Савета Лілія Гінько, разам з якой мы завіталі да Алы Мілянцей.

 

Не верш, а цэлая паэма. І ўсё так трапна, дасціпна, праўдзіва. Вось яна, народная творчасць, а яшчэ — зайздросны характар. Ала Дзяменцьеўна адзінокая, і ўзрост падбіраецца пад 80. Але яна не журыцца з прычыны і без яе, а знаходзіць пазітыў. Любіць працаваць — рупіцца ў градках і агародчыку, дзе мноства кветак. З’ездзіла ў журавіны. Хваліла суседзяў, казала што вельмі цёплы чалавек старшыня сельскага Савета. Удзячная старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку за яго ўвагу і падтрымку. Адзначала, што Сяргей Васільевіч Чэпік і Віталій Якаўлевіч Лапушынскі былі найлепшымі кіраўнікамі (а іх пры ёй змянілася нямала).

А зараз наконт «і ў 78 косім». Гэта фраза Алы Дзяменцьеўны. Расказала, што касьбы шмат, бо вялікая прыдамавая тэрыторыя. Пляменніца купіла ёй зручную касу на акумулятары, і яна лёгка ўпраўляецца з ёй.

Будучыня Кураполля

Мала дзе ў сельскай мясцовасці сёння сустрэнеш столькі дзяцей, як у Кураполлі. На гэтым здымку толькі частка навучэнцаў мясцовай базавай школы, а ўсяго іх 33. Дзіцячы садок наведваюць 9 малых.  Безумоўна, не ўсе застануцца ў родных мясцінах, але многія выберуць сельскагаспадарчыя прафесіі і папоўняць сям’ю працаўнікоў ААТ «Кураполле-агра».

 


Фаіна Касаткіна

источник: https://www.postawy.by/2025/10/proekt-pk-vjosachka-prodolzhaetsja-sledujushhaja-ostanovka-derevnja-kuropole/

Читайте на сайте