Новости по-русски

Лукашэнка як «гарбун» Дастаеўскага

Расея выправілася ў новы ваенны паход. Украіна і Расея закрываюць адна для адной сваю паветраную прастору. У Данбасе — нечаканае зацішша, у Парыжы «нармандзкая чацьвёрка» дамаўляецца аб формуле мясцовых выбараў у сэпаратысцкіх рэгіёнах Украіны.


Якая ў гэтых драматычных падзеях роля Беларусі?


У Дастаеўскага ў рамане «Падлетак» ёсьць устаўная навэла аб фінансавай афёры, якая здарылася ў Францыі ў канцы XVIII стагодзьдзя:


«Незадоўга да францускай рэвалюцыі зьявіўся ў Парыжы нехта Лоў і задумаў адзін, у прынцыпе, геніяльны праект (які потым на справе жудасна лопнуў). Увесь Парыж усхваляваўся; акцыі Лоў купляліся нарасхват, да цісканіны. У дом, у якім была адкрытая падпіска, сыпаліся грошы з усяго Парыжу як зь меха; але і дома нарэшце не хапіла: публіка тоўпілася на вуліцы ... але не было дзе пісаць. Тут аднаму гарбуну прапанавалі саступіць на час свой горб, у выглядзе стала для падпіскі на ім акцый. Гарбун пагадзіўся — можна ўявіць, за якую цану! Празь некаторы час (вельмі малы) усё збанкрутавала, усе лопнула, уся ідэя паляцела да д’ябла, і акцыі страцілі ўсякую цану. Хто ж выйграў? Адзін гарбун, менавіта таму, што браў ня акцыі, а наяўныя люідорамі».


Складваецца ўражаньне, што ва ўсіх «у прынцыпе геніяльных» (паводле клясыка) расейскіх геапалітычных праектах апошняга часу беларускаму лідэру ўдаецца адыграць ролю таго самага гарбуна ля парыскага офісу вялікага фінансавага авантурыста.


Дзе Лукашэнка падстаўляе «горб»?


Днямі прачытаў займальную нататку — паведамленьне чыноўніцы самаабвешчанай «ЛНР» аб тым, што на паліцах крамаў у гэтым сэпаратысцкім рэгіёне 30% тавараў — беларускага паходжаньня. Гэта як? Афіцыйны Менск на працягу ўсяго канфлікту ніякай гуманітарнай дапамогі ў мяцежны Данбас не накіроўваў, з афіцыйным Кіевам, здаецца, не сварыўся, дый мяжы агульнай паміж Беларусьсю і сэпаратысцкімі анклявамі няма, паміж імі ляжыць тэрыторыя Ўкраіны, кантраляваная цэнтральнай уладай. А вось неяк так.


На мінулым тыдні у авіякампаніі «Белавія» паціралі рукі, прычым нават з пэўным зьдзіўленьнем — мы ж столькі не пацягнем. Украіна закрыла сваё неба для расейскіх авіякампаній, Расея ў адказ прыняла сымэтрычныя захады ў дачыненьні да ўкраінскіх авіяперавозчыкаў. Пры гэтым аб’ём авіязносінаў быў гіганцкі. Людзі лёталі і лётаць будуць, грузы вазілі і вазіць будуць. Ну а праз каго праходзіць самае кароткае «плячо» магчымага транзіту? «Белавія» пацірае рукі зусім нездарма.


Можна ўспомніць і «беларускія крэвэткі», якія ўвайшлі, здаецца, ня толькі ў расейскія крамы, але і ў расейскі сучасны фальклёр. На нядаўнім саюзным саўміне расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева частавалі беларускімі вустрыцамі, «якія не ўваходзяць у санкцыйны сьпіс». Ну так, вядома ж, не ўваходзяць. А можа і праўда не ўваходзяць. Але раней расейцы атрымлівалі гэтыя прадукты з ЭЗ, а цяпер — зь Беларусі.


Паслуга сёньня — люідоры заўтра


Менскі «гарбун» зарабляе ня толькі «наяўнымі люідорамі» наўпрост. Менск стаў ня толькі месцам лютаўскага саміту па Ўкраіне, які прывёў да адпаведнага пагадненьня, але і месцам разьмяшчэньня ўсёй перамоўнай інфраструктуры. Перамовы паміж бакамі праходзяць менавіта ў беларускай сталіцы, у ёй, у прыватнасьці, будуць «даводзіць да розуму» прынцыповае пагадненьне, дасягнутае 2 кастрычніка ў Парыжы на саміце «нармандзкай чацьвёркі». Менск у дадзенай сытуацыі — той самы «горб» у чыстым выглядзе.


Непасрэдна за яго прадастаўленьне ў дадзеным выпадку «люідорамі» не даюць. Але цяперашняе збліжэньне Беларусі і ЭЗ, нават пры ўмове вызваленьня палітвязьняў, было б, магчыма, менш інтэнсіўным, калі б ня гэтыя добрыя паслугі афіцыйнага Менску. Ну а збліжэньне можа прывесьці да фінансавай дапамогі, тых самых «люідораў», у якія паслугі атрымаецца ўсё ж канвэртаваць.


Праўда, з прычыны статусу менскага «гарбуна» браць выключна гатоўкай усё ж не заўсёды атрымліваецца, часам моцна прымушаюць — і акцыямі «ў прынцыпе геніяльнага» праекту. У сэнсе — авіябазай. Праўда, сытуацыя вакол яе разьмяшчэньня — яшчэ адна пляцоўка гандлю з зацікаўленымі бакамі. Хто дасьць больш: адны — каб яна была, або іншыя — каб яе не было.


Але калі яна зьявіцца, наступствы не зьвядуцца толькі да фінансавых стратаў і набыткаў. Яны будуць палягаць ня толькі ў функцыях базы як такой, а ў прэцэдэнце.


Сіла прэцэдэнту


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, выступаючы на генэральнай асамблеі ААН, патлумачыў, чаму Захад увёў санкцыі за дзеяньні Расеі ў Крыме і ў Данбасе: «На месцы Ўкраіны можа апынуцца любая іншая краіна».


Іншымі словамі, паводле прэзыдэнта ЗША, расейскія дзеяньні ва Ўкраіне небясьпечныя нават ня столькі самі па сабе, колькі прэцэдэнтам, які яны ствараюць. Грузія-Украіна-2008-2014 — хто наступны? І калі?


Насамрэч, калі ўлічваць, што наступны крок не абавязкова павінен быць падобны на папярэднія, то ўжо цяпер можна адказаць — Сырыя-2015. Ня ў тым сэнсе, што яна — працяг пасьлядоўнасьці ў чыстым выглядзе. Але бамбаваньне расейскай авіяцыяй у Сырыі не «Ісламскай дзяржавы», а сырыйскай апазыцыі — партнэраў Захаду — відавочны працяг балянсаваньня на мяжы прамога канфлікту з Захадам. Перадача сырыйскім паўстанцам заходняй зэнітнай тэхнікі, стварэньне над іх пазыцыямі сіламі заходняй авіяцыі «беспалётнай зоны» — жахлівенькая пэрспэктыва, якая мела б вынікам прамое ваеннае сутыкненьне Расеі і Захаду.


І ня ў тым справа, што Масква гэтага хоча — яна гэтага відавочна ня хоча. Але яна хоча пагуляць у вайну нэрваў, яна мае намер атрымаць бонусы, скажам, у выглядзе аслабленьня заходніх санкцый за тое, каб падобная сытуацыя ня здарылася.


І ёсьць усе падставы меркаваць, што гэтага выкліку не было б, калі б не было да яго Крыму і Данбасу.


Прынцып настойлівага пярэчаньня


Вяртаючыся да пытаньня аб расейскай авіябазе ў Беларусі, можна сказаць, што яе зьяўленьне кардынальным чынам мала што зьменіць. Ёсьць вайсковыя аб’екты ў Ганцавічах і Вялейцы, дзе служаць расейскія вайскоўцы. Ну так, зьявіцца не расейская лягістыка, а расейская зброя, але 24 самалёты ня зробяць надвор’я ў вайсковым балянсе ў рэгіёне. Толькі яны — ня зробяць. А хто сказаў, што гэта ўсё?


Авіябаза — той самы прэцэдэнт. Згода на авіябазу робіць у будучыні значна больш складанай нязгоду на значна больш істотную вайсковую прысутнасьць Расеі ў Беларусі. «Вы ж ня надта пярэчылі супраць авіябазы ў 2015 годзе, так што ўжо цяпер так хвалюецеся з нагоды сухапутнай?» — скажуць расейскія суразмоўцы. Ці супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі.


У міжнародным праве ёсьць прынцып persistent objector — настойлівага пярэчаньня. Сутнасьць яго палягае ў тым, што парушэньне права дзяржавы на нешта прызнаецца сусьветнай супольнасьцю толькі ў тым выпадку, калі дзяржава ад самага факту парушэньня ўвесь час настойвае, нагадвае аб сваім праве.


Дарэчы, менавіта гэтым прынцыпам кіруецца цяпер Украіна, зь любой нагоды нагадваючы, што Крым — украінскі, пазьбягаючы нават намёку на дзеяньні, якія маглі б быць інтэрпрэтаваныя як маўклівая згода з новымі геапалітычнымі «рэаліямі». Тое самае рашэньне аб закрыцьці ўкраінскага неба для расейскіх авіякампаніяў было матываванае тым, што яны лётаюць у Крым.


Пры гэтым у Кіеве выдатна разумеюць, што ў бліжэйшым часе Крым ня вернеш. Але будучыня не абмяжоўваецца бліжэйшым часам. І Ўкраіна імкнецца не рабіць нічога, што ў іншай сытуацыі дало б каму б то ні было нагоду сказаць — ну дык вы ж пагадзіліся.


А Беларусь на базу, вельмі верагодна, пагодзіцца. Магчыма, упіраючыся, магчыма, за вялікія грошы. Але створыць прэцэдэнт, працяг якога цяпер можа нават не прыйсьці ў галаву.


Ці націсьне Пуцін ядзерную кнопку?


А можа і прыйсьці. Нядаўняе параўнальнае дасьледаваньне Лявада-цэнтру ў Расеі і НІСЭПД у Беларусі паказала, што беларусы нават у большай ступені, чым расейцы, упэўненыя ў тым, што ў выпадку ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і Захадам у Пуціна рука не здрыганецца першым націснуць на ядзерную кнопку.


Ужо наколькі дакладнае такое ўяўленьне беларусаў пра расейскага лідэра — пытаньне спрэчнае, але наяўнасьць менавіта такога ўяўленьня вельмі паказальная.


Менскі «гарбун» зь вялікім майстэрствам выкарыстоўвае шанцы, якія прадстаўляюцца мэгаламанскімі праектамі ўсходняга суседа. Але яшчэ пры гэтым варта было б строга выконваць максыму літаратурнага прататыпа — ніякіх акцый «у прынцыпе геніяльнага» праекту, толькі «наяўныя люідоры».

Читайте на 123ru.net