Новости по-русски

Мульцікі на беларускай мове адзначылі на «Анімаёўцы»

На міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2016», які сёньня завяршыўся ў Магілёве, дзьве беларускамоўныя мультыплікацыйныя стужкі «Аповесьць мінулых гадоў» ды «Якія сны сьніць мядзьведзь» узнагародзілі спэцыяльнымі дыплёмамі. Пра гэта паведаміў чалец журы, беларускі майстар мультыплікацыйнага кіно Міхаіл Тумеля.


Расейскамоўная мультыплікацыйная стужка «Марк Шагал. Начало» перамагла ў намінацыі «Найлепшае мастацкае вырашэньне». Яе ўганаравалі дыплёмам і прызам «Крыштальны аловак».







Паводле Міхаіла Тумелі, сёлетняя «Анімаёўка» стала нечакана пасьпяховай для «Беларусьфільму». Летась ніводная стужка не была ў пераможцах фэсту.


Адзначаныя на фэсьце беларускія мульцікі вырабленыя на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Іх рэдка паказваюць па беларускім тэлебачаньні. У магілёўскага гледача была рэдкая магчымасьць пабачыць гэтыя мульцікі на сьвятлодыёдным экране, які разьмясьцілі ля кінатэатру «Радзіма».







Мультыплікацыйны сэрыял «Аповесьць мінулых гадоў» паказваюць па тэлебачаньні часьцей за шмат якія беларускамоўныя стужкі. Ён прысьвечаны беларускай геральдыцы. У ім стваральнікі апавядаюць пра ўзьнікненьне гербаў ды старажытных беларускіх гарадоў. У фільме, які паказалі на сёлетняй «Анімаёўцы», гледачу раскажуць пра паходжаньне Лунінца, Мёраў, Веткі, Мастоў, Лагойску ды Асіповічаў.


Мультфільм «Якія сны сьніць мядзьведзь» маладога рэжысэра Руслана Сінкевіча — пра малавядомыя шырокай аўдыторыі беларускія абрады. У дыплёме аўтару мульціка пазначана: «За захаваньне народных традыцыяў». На ўрачыстасьці закрыцьця Руслана Сінкевіча не было. Узнагароду прымаў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільму» Ігар Галіноўскі.







Гран-пры «Анімаёўкі» журы прысудзіла стужцы з Расеі «Налім-налімыч». Дыплёмы і прызы «Крыштальны аловак» былі ўручаныя майстарам мультыплікатарам з Бэльгіі, Індыі ды Расеі. Іхныя працы прызнаныя пераможцамі ў намінацыях «Найлепшы фільм для дзяцей», «Найлепшы дэбют», «Найлепшы экспэрымэнтальны фільм» ды «Майстру».


За чатыры дні фэстывальнай праграмы былі паказаныя больш за 380 стужак з 45 краінаў — для дзяцей і дарослых. На конкурс фэсту адабралі 106 мультфільмаў з 34 краін.


Пераможцаў вызначала міжнароднае журы на чале з расейскім майстрам Леанідам Носаравым.







Арганізатарамі фэстывалю выступіллі Міністэрства культуры Беларусі ды Магілёўскі аблвыканкам.

Читайте на 123ru.net