Сусветны дзень тэатра на тэлеканале “Беларусь 3”
Свята майстроў сцэны і ўсіх работнікаў тэатра канал “Беларусь 3” адзначыць паказам тэлеверсій знакавых пастановак буйнейшых беларускіх тэатраў.
27 сакавіка “Беларусь 3” пакажа дакументальны фільм да 90-годдзя Вялікага тэатра Беларусі "Аб чым не ведаюць гледачы". У 10:50 тэлеаўдыторыю чакае паказ спектакля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра "Соф’я Гальшанская" У. Кандрусевіча. У 15:50 убачым балет Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь "Канёк-Гарбунок" Р. Шчадрына.
Сацыякультурны канал медыяхолдынга пакажа фільм-канцэрт з удзелам Наталлі Гайды "Калі мы закаханыя..." да 100-годдзя беларускага кіно. Галоўная гераіня - Наталля Гайда, актрыса Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі (зараз Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр). У фільме-канцэрце гучаць арыі з аперэтаў І. Дунаеўскага, І. Кальмана, Ф. Легара, У. Лебедзева, Ф. Лоў, Ю. Семянякі.
У праекце “Кадры жыцця” мы даведаемся аб жыццi i прафесiйнай дзейнасцi рэжысёра, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхаіла Кавальчыка.
Увечары сацыякультурны тэлеканал прапануе дакументальны фільм пра народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага "Маналог з адступленнямі".
У панядзелак у 23:50 адна з серый праекта “Асобы” раскажа пра творчую дзейнасць Уладзіслава Галубка, пісьменніка, драматурга, рэжысёра, стваральніка беларускага вандроўнага тэатра, першага народнага артыста Беларусі.