“Беларусь 3” правядзе чатыры прамыя трансляцыі з фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024”

14 і 15 чэрвеня Маладзечна прыме XXІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024”. Дзякуючы прамым трансляцыям асноўных канцэртных праграм і аператыўным выпускам культурных навін адчуць атмасферу свята змогуць і гледачы тэлеканала “Беларусь 3”.

 

Насычаныя фестывальныя дні творчая каманда сацыякультурнага тэлеканала правядзе разам з жыхарамі і гасцямі Маладзечна. Так, карэспандэнты “Навін культуры” наведаюць асноўныя мерапрыемствы музычна-паэтычнага форуму, пагавораць з удзельнікамі фестывалю і пазнаёмяць тэлегледачоў з усімі сюрпрызамі, падрыхтаванымі арганізатарамі свята.

 

14 чэрвеня на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ХХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024” “Мелодыі сэрца”. У канцэртнай праграме прымуць удзел вядомыя беларускія артысты і калектывы. Усе выступленні будзе суправаджаць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга”. Мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор – Максім Расоха. Прамую трансляцыю канцэрта-адкрыцця фестывалю пакажа канал “Беларусь 3” 14 чэрвеня ў 21:00.

 

15 чэрвеня ў 11:30 і 15:30 на тэлеканале “Беларусь 3” – прамыя трансляцыі II і III тураў рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2024” са сцэны Палаца культуры.

 

Завершыцца фестываль беларускай песні і паэзіі на сцэне Летняга амфітэатра гала-канцэртам “Разам пра каханне” з удзелам зорак беларускай эстрады і любімых ансамбляў. Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Тэлеканал “Беларусь 3” прапануе сваім гледачам сачыць за святочным мерапрыемствам у прамым эфіры. Трансляцыя на культурнай кнопцы пачнецца ў 21:00.

 

Читайте на 123ru.net