Перадавыя працаўніцы прадпрыемства “СлаўМол”

Вынікі за мінулы год па традыцыі зараз падводзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Не выключэннем стала і УСП “СлаўМол”. Прынамсі, на малочна-таварнай ферме “Целяшы” адзначылі за дасягненні вытворчых паказчыкаў літаральна перад новым годам. У спісе перадавікоў — аператары машыннага даення і жывёлаводы. Малочна-таварная ферма “Целяшы” не вылучаецца сучасным выглядам. Будынак узводзіўся яшчэ ў той час, калі савецкі народ набліжаўся да светлай мары — пабудовы камунізма. Праўда, за мінулы час удалося прывесці яго да ладу. Замянілі вокны на сучасныя шклопакеты, летась устанавілі навае халадзільнае абсталяванне, абнавілі бытавыя пакоі. Адным словам, кіраўніцтва прадпрыемства па сваіх сілах і фінансавых магчымасцях зрабіла многае для таго, каб умовы працы тут былі прыстойнымі. А таму і вынік гэтых намаганняў, пэўным чынам, адбіўся на паказчыках работы МТФ “Целяшы”. Зараз тут у сярэднім за суткі ад кожнай каровы атрымліваюць па 14 кілаграмаў малака. Загадчыца фермай Марыя Андрэеўна Яфімава, якая сама 7 гадоў адпрацавала даяркай, кажа, што гэта не самы той паказчык, які б хацелася мець. Між тым, і з такімі вынікамі не сорамна глядзець людзям у вочы. Аператар машыннага даення Таццяна Мікалаеўна Фралова ўзнагароджана дыпломам першай ступені УСП “СлаўМол” за шматгадовую, дабрасумленную працу ў галіне жывёлагадоўлі, прафесіяналізм, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў па выніках спаборніцтва за летне-пашавы перыяд 2016 года. Яна атрымала найбольшы ўдой ад каровы па прадпрыемству. Як прынята было гаварыць у свой час, яна ўваходзіць у так званы клуб пяцітысячніц. У яе на абслугоўванні 60 рагуль. Святлана Аляксандраўна Андрэева адзначана дыпломам трэцяй ступені за такі ж уклад у развіццё прадпрыемства (на здымку 2). Жывёлаводы Надзея Васільеўна Казенкова і яе калега Надзея Валянцінаўна Дзмітронак (на здымку 1) таксама вызначыліся па выніках мінулага года. У іх пачэсныя дыпломы трэцяй ступені УСП “СлаўМол” па абслугоўванні маладняку буйной рагатай жывёлы па выніках мінулага года. Яны займаюцца дарошчваннем маладняку да аднаго года. У Надзеі Васільеўны і Надзеі Валянцінаўны ўвогуле паказчык, якому могуць пазайздросціць — сярэднесутачныя прывагі на адкорме летась дасягнулі 1047 грамаў. Да ўзроўню 2015 года прыбаўка склала 91 грам. Такім чынам, тэмпы росту склалі 109,5 працэнта. А ў цэлым, па МТФ “Целяшы” гэты паказчык дасягнуў амаль 124 працэнты. Усё гэта — вынік штодзённай карпатлівай, напружанай працы, за якой не бывае святаў і выхадных. А таму вялікі дзякуй і словы прызнання, а таксама глыбокай павагі за такую важную работу. Аляксандр РАМАШОЎ. Фота Аляксея НАРЭЙКІ.

Читайте на сайте