Прадстаўнік Эўракамісіі дапусьціў увядзеньне новых санкцый адносна Беларусі

Санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі, пакуль не далі ніякага эфэкту, бо для таго, каб іх вынік стаў бачны, трэба больш часу. Такое меркаваньне выказаў у чацьвер на брыфінгу ў Брусэлі прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана, інфармуе ТАСС.


«ЭЗ увёў ужо тры блёкі санкцый супраць фізычных асоб і кампаній у Беларусі. Што тычыцца эфэктыўнасьці санкцый у дачыненьні да Беларусі — мы пастаянна адсочваем яе. Аднак патрабуецца значны час, каб санкцыі падзейнічалі. На жаль, мы пакуль бачым, што рэпрэсіі не спыніліся, і ўсе арыштаваныя застаюцца за кратамі», — адзначыў ён.


У гэтай сувязі Стана падкрэсьліў, што «санкцыйны рэжым у дачыненьні да Беларусі мае адкрыты характар» і можа быць узмоцнены, «пакуль непрымальнае [з пункту гледжаньня Брусэлю] разьвіцьцё падзей працягваецца».




З кастрычніка мінулага году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць Беларусі. У чорны сьпіс уключаныя больш за 80 прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны, сілавікоў і членаў выбарчых камісій. Акрамя таго, абмежаваньні ўведзеныя супраць Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі, Менскага заводу колавых цягачоў, ААТ «140-ы рамонтны завод», кампаній «Белтэхэкспарт», «Сінезіс» і Dana Holdings. Апошняй кіруюць сэрбскія бізнэсоўцы. Эўрапейскаму бізнэсу забараняецца весьці зь імі якія-небудзь справы.


Хроніка ўвядзеньня санкцый супраць беларускіх уладаў


2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
6 лістапада сьпіс пашырылі, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
19 лістапада міністры замежных спраў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцый супраць уладаў Беларусі.
19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.
Пазьней да санкцыяў ЭЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз: Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя і Швайцарыя.


 


 

Читайте на сайте